Рэпартаж “Край родны, я цябе ўслаўляю”
У ДУА “Беладубраўская сярэдняя школа Касцюковіцкага раёна” працягваецца работа па рэалізацыі другога этапа абласнога праекта “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе” “Раён адчыняе дзверы”.
У рамках акцыі “Тут Радзімы маёй пачатак…” удзельнікі праекта, навучэнцы 9, 11 класаў, на працягу лістапада 2021 года займаліся даследаваннем аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы, сярод якіх асобае месца займае арт-аб’ект “Гусінае свята”. Вучні збіралі, назапашвалі матэрыял пра гісторыю стварэння арт-аб’екта, самога Гусінага свята, сустракаючыся са старажыламі аграгарадка Белая Дуброва, работнікамі мясцовага Дома культуры, старшынёй Беладубраўскага сельсавета. У выніку праведзенай работы атрымаўся наступны артыкул.
На цэнтральнай плошчы аграгарадка Белая Дуброва знаходзіцца арт-аб’ект “Гусінае свята”: на вялікім камені ўзвышаецца вясёлая гусь з гармонікам у крылах. На аб’екце пазначаны год – 1694. Менавіта ў гэтым годзе Белая Дуброва ўпершыню згадваецца ў летапісных помніках, што захаваліся да нашых дзён. Таму прынята лічыць 1694 год годам заснавання мястэчка.
Адкрыццё арт-аб’екта адбылося 23 лістапада 2019 года, якраз на юбілей Белай Дубровы – 325-годдзе.
Раней вёска Белая Дуброва славілася сваімі гусінымі святамі. Па словах мясцовых старажылаў, быў час, калі ўся Бесядзь, адна з галоўных рэчак Касцюкоўшчыны і сапраўднае ўпрыгожванне гэтага населенага пункта, была белай ад вялікай колькасці гусей. Жыццесцвярджальнае “га-га-га” і сёння даносіцца з многіх мясцовых двароў.
Здаўна ў вёсцы праводзілася “Гусінае свята” (Гусёўнік). Свята ладзілася на Апанассе (31 студзеня), бо святы Афанасій лічыўся абаронцам жывёлы.
Угэты дзень па традыцыі спраўлялі святочны кірмаш, на якім гаспадары прадавалі гусей. На кірмашы хлопцы знаёміліся з дзяўчатамі. Яны спявалі песні, вадзілі карагоды, танцавалі “Гусачок” (традыцыйны танец, блізкі да карагода), гулялі ў гульню “Каршун і качкі”, весяліліся. Гаспадыні гатавалі розныя стравы з гусі, абменьваліся рэцэптамі, дзяліліся сакрэтамі вырошчвання гусей.
І толькі ў 1996 годзе работнікі мясцовага клуба адрадзілі свята, якое пачало адзначацца штогод і набыло статус раённага мерапрыемства.
Сёння “Гусінае свята” – гэта сімвал аграгарадка Белая Дуброва. Але, якім гэты сімвал павінен быць, рашалі не толькі аграгарадком, але і ўсім раёнам. Канчатковы эскіз арт-аб’екта зрабіла мясцовая мастачка Таццяна Хобатава, а ўвасобіў яго ў метале майстар Сяргей Курбанаў – расіянін па паходжанні, але вялікі прыхільнік беларускай культуры.
Адкрыццё арт-аб’екта “Гусінае свята” прымеркавалі якраз да Гусінага свята. У народным календары, як ужо згадвалася, яно адзначаецца ў студзені, але ў Белай Дуброве лічаць, што ўсё-такі лепш рабіць гэта ў пачатку зімы. Менавіта цяпер ідзе актыўная нарыхтоўка гусінага мяса на зімні перыяд, а потым птушку лепш не чапаць – яна нагульвае тлушч, рыхтуецца да абзавядзення гусянятамі. Так і было вырашана: адзначаць Гусінае свята ў апошнюю суботу лістапада.
Дарэчы, п’едэстал для гусі – камень вагой дзевяць тон – быў знойдзены ў кар’еры Высокае цэментнага завода г. Касцюковічы. Падымалі яго некалькі брыгад з дапамогай 10-тоннага крана. Ужо на месцы выратавальнікі дапамаглі “пасадзіць” камень, а будаўнікі паклалі вакол яго плітку.
Вось так і ўзнік у аграгарадку Белая Дуброва арт-аб’ект “Гусінае свята”, якому ўжо два гады. Само ж мерапрыемства “Гусінае свята” дае магчымасць мясцовым жыхарам і гасцям Белай Дубровы сабрацца разам і ў добрым настроі правесці час. Гэта аб’ядноўвае і выхоўвае любоў да малой радзімы.
Цяпер кожны, хто зазірне ў аграгарадок Белая Дуброва, будзе ведаць: гусь для гэтай мясцовасці – не проста птушка, гэта яшчэ і знак багацця і дабрабыту.
Сёння “Гусінае свята” – гэта брэнд не толькі Белай Дубровы, але і ўсёй Касцюкоўшчыны.
раскрыть » / « свернуть