Намінацыя “Табе прысвячаю…”
Эсэ “Мая малая радзіма”
У кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма – тое месца, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады. Мая малая радзіма – гэта вёска Белая Дуброва Касцюковіцкага раёна, якая ў 2009 годзе набыла статус аграгарадка.
Мне выпала шчасце тут нарадзіцца, таму што Белая Дуброва, на мой погляд, найпрыгажэйшы куток Беларусі, які размясціўся якраз на сярэдзіне шляху Касцюковічы – Саматэвічы, на маляўнічым беразе шырокай ракі Бесядзь.
Існуе некалькі легенд наконт паходжання назвы вёскі Белая Дуброва.
Старажылы расказвалі, што калісьці вельмі даўно першым пасяленцам у гэтых мясцінах быў памешчык па прозвішчы Белы. І вось ад яго прозвішча і ад бярозавага гаю на пясчаным беразе Бесядзі (а пясок таксама белы) і пайшла назва вёскі Белая Дуброва. Гэта легенда, на маю думку, з’яўляецца найбольш верагоднай.
Белая Дуброва вядомая многім сваімі славутасцямі і славутымі мясцінамі. Гэта і Гарадок, і капліца, і арт-аб’ект “Гусінае свята”, і абсталяваная зона адпачынку на беразе Бесядзі.
У цэнтры аграгарадка знаходзіцца помнік чатырнаццаці воінам-вызваліцелям, які размяшчаецца на высокай гары, адкуль адкрываюцца маляўнічыя краявіды на раку Бесядзь.
Тут, каля помніка, штогод праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, Дню вызвалення Касцюковіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Госці аграгарадка абавязкова наведваюць гэту славутую мясціну, і тут часта бывае шматлюдна. Магчыма, таму здаўна мясцовыя жыхары называюць гэту частку вёскі – Гарадок.
Сярод славутасцей аграгарадка Белая Дуброва асобае месца займае капліца ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы, якая ўтульна размяшчаецца ў цэнры вуліцы Першамайская.
Капліца была пабудавана ў 2016 годзе па ініцыятыве братоў Юрковых, ураджэнцаў вёскі Белая Дуброва. Пабудавалі яе ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы якраз на тым самым месцы, дзе калісьці стаяла праваслаўная царква Раства-Багародзіцкая, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны была разбурана. Вось так у Белай Дуброве з’явіўся астравок духоўнасці, які стаў візітнай карткай аграгарадка.
Славіцца Белая Дуброва мясцовымі абрадамі, традыцыямі і звычаямі. Напрыклад, “Гусінае свята” добра вядома не толькі на Касцюкоўшчыне, але і ва ўсёй краіне.
Па словах мясцовых жыхароў, здаўна ў вёсцы Белая Дуброва праводзілася “Гусінае свята” (Гусёўнік). Свята ладзілася на Апанассе (31 студзеня), бо святы Афанасій лічыўся абаронцам жывёлы.
Угэты дзень па традыцыі спраўлялі святочны кірмаш, на якім гаспадары прадавалі гусей. На кірмашы хлопцы знаёміліся з дзяўчатамі. Яны спявалі песні, вадзілі карагоды, танцавалі “Гусачок” (традыцыйны танец, блізкі да карагода), гулялі ў гульню “Каршун і качкі”, весяліліся. Гаспадыні гатавалі розныя стравы з гусі, абменьваліся рэцэптамі, дзяліліся сакрэтамі вырошчвання гусей.
У 1996 годзе работнікі мясцовага клуба адрадзілі свята, якое пачало адзначацца штогод і набыло статус раённага мерапрыемства. А 23 лістапада 2019 года адбылося адкрыццё арт-аб’екта “Гусінае свята”: на вялікім камені ўзвышаецца вясёлая гусь з гармонікам у крылах. Сёння “Гусінае свята” – гэта брэнд Белай Дубровы.
Вось якія цудоўныя славутасці і традыцыі ёсць у маёй Белай Дуброве!
Я вельмі люблю сваю малую радзіму і ганаруся тым, што я тут нарадзілася і жыву.
навучэнка 9 класа Фраленка Варвара Аляксандраўна
В рамках реализации третьего этапа областного проекта «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе» с целью формирования патриотического сознания, формирования гордости за свою родину, бережного отношения к красоте родного края учащиеся ГУО «Белодубровская средняя школа Костюковичского района» приняли участие в конкурсе "Я Родину свою воспеваю" в номинации "Земли моей красота". Участники конкурса предоставили творческую работу, раскрывающую самобытную красоту малой родины, своеобразие ее образа через собственное восприятие.
раскрыть » / « свернуть