Дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Беладубраўская сярэдняя школа Касцюковіцкага раёна”
Магілёўскай вобласці
Раённы конкурс даследчых работ “Спадчына Беларусі”
Намінацыя “Духоўная культура”
Тэма “Мясцовыя абрады, традыцыі і звычаі”
Падрыхтаваў
Патапенка Максім Вітальевіч,
навучэнец 8 класа
Кіраўнік:
Буянава Таццяна Валянцінаўна,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
тэлефон (29) 6 05 99 78 (А1)
Для Беларусі вёска – часцінка,
А для нас яна – бацькоўскі дом.
І мы рады, што можам ганарыцца
Малой радзімай, дзе мы жывём!
У кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма – тое месца, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады. Мая малая радзіма – гэта вёска Белая Дуброва Касцюковіцкага раёна. Мне выпала шчасце тут нарадзіцца, таму што Белая Дуброва, на мой погляд, найпрыгажэйшы куток Беларусі, які размясціўся якраз на сярэдзіне шляху Касцюковічы – Саматэвічы, на маляўнічым беразе шырокай ракі Бесядзь.
Славіцца Белая Дуброва мясцовымі абрадамі, традыцыямі і звычаямі. Напрыклад, “Гусінае свята” добра вядома не толькі на Касцюкоўшчыне, але і ва ўсёй краіне. Сёння “Гусінае свята” – гэта брэнд Белай Дубровы.
У сваёй рабоце я хачу расказаць пра “Гусінае свята”, а таксама пра некаторыя іншыя абрады і традыцыі.
“Гусінае свята”
Па словах мясцовых жыхароў, здаўна ў вёсцы Белая Дуброва праводзілася “Гусінае свята” (Гусёўнік). Свята ладзілася на Апанассе (18 студзеня), бо святы Афанасій лічыўся абаронцам жывёлы.
“Святы Уласій, Ахванасій, саблюдзі, Божа, красуль нашых,” – прасілі сяляне аб здароўі жывёлы. Угэты дзень па традыцыі спраўлялі святочны “кірмаш”, на якім гаспадары прадавалі гусей. Кірмаш праходзіў у нядзелю. На ім адбывалася знаёмства хлопцаў і дзяўчат, яны спявалі, вадзілі карагоды, танцавалі “Гусачок” (традыцыйны танец, блізкі да карагода), гулялі ў гульню “Каршун і качкі”, весяліліся. Гаспадыні гатавалі розныя стравы з гусі, абменьваліся рэцэптамі, дзяліліся сакрэтамі вырошчвання гусей.
“С етыва дня гусей садзілі ў скрыню (тут і далей захавана мясцовая гаворка), каб яны не маглі зварухнуцца, уводзілі ім у горла варонку і засыпалі зірняты. Калі ня лезлі зірняткі, тады іх пратоўквалі палачкай у гусіную глотку. Кормюць гусей яшчэ зірнятамі ў абручыку”, - так расказвае пра “Гусінае свята” жыхарка вёскі Белая Дуброва Н.Казакова.
З гусямі ў народзе звязана шмат павер’яў: свойскія гусі будуць больш жвавыя і рухавыя, калі ў гняздо да гусі пакласці жменьку сена, тройчы падкінутага ўгору ўслед за дзікімі гусямі, калі іх упершыню ўбачылі ўвесну ў небе; гусянят, якія толькі вылупіліся, трэба падкурыць парахавым дымам і прасадзіць праз стары абруч: такіх гусянят не крануць вароны, коршакі, ваўкі і лісіцы. А яшчэ даводзілі: на Апанассе мяцеліца – многа выведзецца гусянят.
Па паводзінах гусей прадказвалі надвор’е: калі гусі лопаюць крыламі, пераходзячы праз мост, на другі дзень трэба чакаць пераважна добрага надвор’я; калі гусі крычаць у марозны дзень, назаўтра будзе адліга; калі свойскія гусі дружна статкам падлятаюць у канцы лета, то чакаюцца ранняя восень і зіма.
Мясцовымі жыхарамі былі складзены і запісаны песні, якія спяваюць і зараз на “Гусіным свяце”:
***
У Белай Дуброве “Гусінае свята”,
І вясёлы кірмаш, і гасцей багата.
На нашых палетках вырастаюць гусі,
Не сустрэць вам такіх ва ўсёй Беларусі.
Дуброўскія гусі ўсіх зачаравалі,
Нават добрыя суседзі да вас завіталі.
Пачастуйцеся ў нас, мілыя паночкі,
Каму лапкі, каму пуп, каму акарочкі.
Калі пашанцуе, мілая паненка,
Стрэнеш хлопца-гусака ў нашай дзеравенькі.
Прыязджайце ў госці да нас на Панассе,
На вясёлы кірмаш шукаць сваё шчасце!
***
Уставала ранюсенька,
Умывалася бялюсенька,
Уставала, кужаль слала,
На расу я гусей гнала.
Вы ідзіце, мае гусі,
Пашчыпіце там травіцы,
Пашчыпайце там травіцы
Ды напейцеся там вадзіцы.
Уставала ранюсенька,
Умывалася бялюсенька,
Расчасала русу косу,
Да самага да поясу…
(Акуліна Аўрамаўна Ерашэнка, в. Белая Дуброва)
Купалле
Галоўным летнім святам здаўна было Купалле (6 ліпеня). Свята прыпадае на пераломны момант года – на перыяд летняга сонцавароту.
Купальскае свята ў вёсцы Белая Дуброва мае шмат агульнага з Купаллем у іншых рэгіёнах Беларусі. Аднак некаторыя асаблівасці надаюць яму непаўторнае “гучанне”.
Так, перад купальскай ноччу пад вечар дзяўчаты і жанчыны ішлі ў лес, на луг, збіралі травы, з якіх вілі прыгожыя вянкі, а частку асвячалі ў царкве. Лічылася, што зёлкі, сабраныя ў купальскі час, маюць цудадзейную сілу.
Пад вечар Купалля гаспадыні вымяталі хаты і двары. “Мусар сабіралі са двара і клалі на купальскі агонь, каб усё нячыстае адышло, каб усе здаровыя былі…” (А. А. Ерашэнка, в. Белая Дуброва).
Дзяўчаты збіраліся і абмяркоўвалі, як будуць варажыць. Хлопцы рыхтавалі кола, збіралі галлё для вогнішча. Да заходу сонца моладзь ішла да месца, дзе павінна было быць вогнішча. А яно было ў цэнтры ўсёй святочнай цырымоніі.
Вакол вогнішча вадзілі карагоды і спявалі песні. Праз агонь скакала і моладзь, спадзеючыся, што купальскі агонь знішчыць усё благое, што перашкаджае чалавеку ў жыцці. Хлопцы запальвалі колы, каталі іх з гары, праз вогнішча. Кола выкарыстоўвалі і для іншых мэт. “У нас у вёсцы хлопцы каталі калёсы вакол вёскі, каб дзеўкі не ішлі замуж у другое сяло” (А. А. Ерашэнка, в. Белая Дуброва). У купальскую ноч дзяўчаты варажылі. “На Купалле вянкі вілі, свечкі ставілі на вянкі і пускалі па рэчцы. Па два вянкі вілі. Калі сойдуцца вянкі, будуць маладыя разам, калі не, то ня будуць” (А. А. Ерашэнка, в.Белая Дуброва).
Ніводны беларускі каляндарны рытуал не змяшчае столькі таямнічых павер’яў, як на Купалле. А галоўны цуд купальскай ночы – славутая папараць-кветка. “Папараць цвіцець адну мінуту ноччу. А цвіцець яна чырвоным цвятком. Чалавек, які ўбачыць ету кветку, будзіць панімаць мову рек, азёр, птушак, звяроў” (А. А. Ерашэнка, в.Белая Дуброва).
Калі купальская ноч заканчвалася, моладзь ішла глядзець, як сонца ўсходзіць. Лічылася добрым знакам, калі яно ўставала “іграючы”. Набліжалася радасная і цяжкая пара жніва.
Хрышчэнне (Вадохрышча)
Хрышчэнне (Вадохрышча) – хрысціянскае свята. Яно адзначаецца штогод 19 студзеня ў праваслаўных вернікаў як памяць пра дзень, калі Ісус Хрыстос быў ахрышчаны Іванам Прадцечам у рацэ Іардан.
На працягу апошніх пяці год у Белай Дуброве стала добрай традыцыяй адзначаць гэта свята.
На рацэ Бесядзь, куды збіраюцца жыхары вёскі, зранку мужчыны выразаюць з лёду крыж, прычым даволі вялікага памеру – паўтара-два метры ў даўжыню. Гэты крыж выразаюць з дапамогай сякеры і пілы на ўсю таўшчыню лёду, атрымліваецца палонка. Крыж з палонкі выцягваюць на вяроўках, а затым падымаюць і ставяць на лёд на край палонкі. Каб крыж не ўпаў, яго заліваюць знізу вадой і такім чынам прымарожваюць да лёду.
Бацюшка каля крыжа і палонкі праводзіць малебен і асвячае ваду, абавязкова акунаючы ў яе царкоўны крыж. Тут жа “пеўчыя спяваюць бажэственыя песні”. У канцы рытуала ўсе прысутныя набіраюць у гарлачы, бутэлькі, слоікі з палонкі вады і нясуць яе дадому. А затым усе жадаючыя акунаюцца ў палонку. Лічыцца, што праз акунанне чалавек ачышчаецца і фізічна, і духоўна.
Вось такія традыцыі існуюць у Белай Дуброве. Я іх паважаю, заўсёды наведваю мясцовыя святы і ганаруся тым, што яны адбываюцца на маёй малой радзіме.
раскрыть » / « свернуть